16 лістапада адзначаецца Дзень беларускай лялькі

Майстэрства вырабу традыцыйных беларускіх лялек дайшло да нас з сівой даўніны. Пры гэтым зробленыя з тканіны мотанкі былі не проста цацкай, дзякуючы ім дзеці вучыліся весці гаспадарку. А яшчэ кожная лялька была сімвалам, абярэгам, які, лічылася, дапагае ў канкрэтнай жыццёвай сітуацыі.
Сёння старажытнае майстэрства жыве і развіваецца дзякуючы самадзейным майстрам. Такім, як, напрыклад, майстар-метадыст Славенскага Дома рамёстваў Людміла Чэлачэва.
– Лялькі нашы продкі выраблялі з розных падручных матэрыялаў, – расказвае Людміла Васільеўна. – Гэта гліна, лапікі тканіны, салома, нават бяроста. Пры вырабе мотанак з тканіны не выкарыстоўвалі ні нажніц, ні іголак. Яшчэ адно правіла – лялькам-абярэгам не маляваўся твар. Лічылася, што лялькі з тварам маюць душу і могуцьі нашкодзіць чалавеку.
Якія ж былі народныя лялькі? «Дзесяціручку» рабіла маці для сваёй дачкі, калі тая выходзіла замуж. Лічылася, што лялька дапаможа маладой жанчыне, для якой мала двух рук, каб усё зрабіць па гаспадарцы. «Пелянашка» была першай цацкай дзіцяці і дапамагала адводзіць ад яго сурок. «Падарожніцу» рабіла жанчына для сына альбо мужа, які адпраўляўся ў дарогу. Лялька знаходзілася ў кішэні і таму была маленькай. А ў вузельчык ёй клалася зерне, каб падарожнік быў сытым у дарозе, капеечка, каб зарабіў грошай, нітачка, каб знайшоў дарогу дадому. «Траўніца» напаўнялася рознымі цалебнымі і заспакаяльнымі травамі, яе ставілі каля ложка. «Зернавушка» напаўнялася зернем, і ў залежнасці ад яго віду выконвала розныя прызначэнні: з пшаніцай прыносіла багацце, з гарохам ахоўвала дом ад злых духаў, з рысам прыцягвала дабрабыт. «Марцінічкі» – парныя лялькі – рабіліся для бліжэйшага надыходу вясны. Іх падвешвалі на дрэвы, імі ўпрыгожвалі адзенне і валасы.