Дзіцячая бібліятэка г.Шклова адзначана на рэспубліканскім конкурсе
Дзіцячая бібліятэка – крыніца далучэння чалавека да вялікага мастацтва – Чытання. Яна з’яўляецца інфармацыйным цэнтрам, месцам духоўных зносін і вольнага часу маленькіх чытачоў.
Работа шклоўскай дзіцячай бібліятэкі праводзіцца ў рамках мэтавай праграмы “Мы разам з кнігай спазнаём свет”. Мэта прагарамы: павышэнне статусу кнігі і чытання, прыцягненне да чытання і карыстання бібліятэкай дзяцей і падлеткаў, павышэнне іх інтэлектуальнага ўзроўню і развіццё чытацкага густу.
Вялікую ўвагу надае бібліятэка арганізацыі чытання дзяцей ужо з маленства: бібліятэкары запрашаюць на экскурсіі па бібліятэцы дзяцей з дзіцячых садоў, малодшых школьнікаў, праводзяць для іх самыя разнастайныя цікавыя мерапрыемствы: гульні, конкурсы, віктарыны, забаўляльныя праграмы і іншыя. Дапаўняюць інфармацыйную прастору бібліятэкі куткі для адпачынку і настольных гульняў, ёсць спецыяльна выдзелены пакой – “Казкатэка”.
Амаль 25 гадоў пры бібліятэцы працуе лялечны гурток “Бусляня”. З 2014 года бібліятэка рэалізуе праект “З тэатрам лялек – у свет кніг”. Лялечныя прадстаўленні суправаджаюць правядзенне многіх мерапрыемстваў бібліятэкі: тэатралізаваныя паказы “Пасвячэнне ў чытачы”, акцыі “Лялечны тэатр пад летнім парасонам”, тэатралізаваныя фальклорныя святы і іншыя. Асабліва актывізуецца работа лялечнага гуртка “Бусляня” ў час летніх школьных канікул, калі яго гледачамі становяцца выхаванцы школьных лагераў адпачынку.
Дарэчы, лета для супрацоўнікаў дзіцячай бібліятэкі – заўсёды доўгачаканая пара. Гэта пачатак традыцыйных летніх чытанняў, якія штогод ладзяцца ў бібліятэцы. Іх праграмы даволі насычаныя і цікавыя. На працягу трох месяцаў для юных чытачоў працуе “Бібліятэка пад адкрытым небам”, якая ўжо стала адметнай асаблівасцю летняй пары. З ахвотай чытачы ўдзельнічаюць у літаратурных падарожжах, экалагічных вандроўках, прэзентацыях, святах, якія дапаўняюцца шматлікімі гульнёвымі праграмамі. Летнія канікулы ў дзіцячай бібліятэцы заўсёды цікавыя, займальныя. Яны даюць старт новым ведам і адкрыццям.
Асобнае месца ў рабоце бібліятэкі займае папулярызацыя беларускай літаратуры. Каб аказаць пазітыўнае ўздзеянне на фарміраванне чытацкіх пераваг на роднай мове, тут практыкуецца ўжыванне беларускай мовы ў абслугоўванні карыстальнікаў. Дзеці ахвотна падтрымліваюць размову на роднай мове і звяртаюцца да беларускіх кніжак. Для юных чытачоў праводзіцца шмат мерапрыемстваў, якія знаёмяць з айчыннай літаратурай: падарожжы па творчасці беларускіх пісьменнікаў, літаратурныя гадзіны да іх юбілеяў, прэзентацыі кніг беларускіх аўтараў, урокі роднага слова, гадзіны фальклору і іншыя. Лепшыя кніжкі беларускіх пісьменнікаў прадстаўлены ў кутку беларускай кнігі “Адкрый для сябе беларускую кнігу”.
У бібліятэцы вядзецца шырокая прапаганда літаратуры аб гераічным мінулым роднага краю. Дзіцячая бібліятэка на працягу года праводзіла рэалізацыю аўтарскага праекта “12 імгненняў вайны”, мэта якога – выхаванне патрыятызму, пачуцця гонару за гераічнае мінулае нашага народа. Для юных чытачоў праводзіліся ўрокі патрыятызму, гадзіны памяці, патрыятычныя чытанні, сустрэчы з ветэранамі, мульцімедыйныя прэзентацыі ваеннай тэматыкі.
Трэба адзначыць, што дзеці з задавальненнем наведваюць усе мерапрыемствы бібліятэкі, і спадзяёмся, што яны не праходзяць для іх бясследна. Бібліятэка адаптуецца да новых сацыякультурных умоў, пашырае свае функцыі. Супрацоўнікі бібліятэкі знаходзяцца ў пастаянным пошуку новых форм і метадаў работы з чытачамі, якія садзейнічаюць папулярызацыі кнігі і чытання, далучэнню да лепшых узораў сусветнай літаратуры, у тым ліку беларускай, фарміраванню іміджа бібліятэкі як культурна-адукацыйнага цэнтра рэгіёна.
Тамара МІНКІНА,
дырэктар ДУК “Цэнтралізаваная бібліятэчная сетка Шклоўскага раёна”.
НА ЗДЫМКУ: Юлія Варанкова, загадчык дзіцячай бібліятэкі.