Сустрэча з вядомым пісьменнікам адбылася ў Доме культуры
Сустрэча адбылася ў раённым Доме культуры, дзе была прадстаўлена выстава-продаж кніг выдавецтва «Народная асвета», у тым ліку і кніг Міхаіла Паўлавіча.
Да ўсіх іншых званняў, навуковых ступеняў і заслуг сталічнага дзіцячага пісьменніка Міхаіл Пазнякоў яшчэ і наш зямляк – ураджэнец Магілёўскай вобласці. Ён з’яўляецца аўтарам шматлікіх кніг для дзяцей і дарослых, навукова-крытычных артыкулаў, прысвечаных гісторыі, літаратуры, мове і культуры. Асобнае месца ў творчасці пісьменніка займае дзіцячая літаратура. Ім напісана больш за дзве тысячы твораў (вершы, калыханкі, загадкі, лічылкі і скорагаворкі). За працу ў галіне дзіцячай літаратуры Міхаіл Пазнякоў узнагароджаны Літаратурнай прэміяй імя Петруся Броўкі. За сваё жыццё ён выдаў больш за 70 кніг і стаў лаўрэатам 11 літаратурных прэмій. Яго творы для дзяцей уключаны ў школьныя падручнікі і дапаможнікі для пазакласнага чытання. Многія вершы паэта пакладзены на музыку. Некаторыя з іх на сустрэчы і выканаў Сяргей Кравец.
Падчас сустрэчы аўтар прадставіў аўдыторыі прэзентацыю пра сваю творчасць. З задавальненнем прачытаў свае вершы. Міхаіл Пазнякоў загадваў дзецям загадкі ўласнага сачынення і за правільныя адказы дарыў свае кнігі. Гэта было прыемным сюрпрызам, бо не кожны дзень мы атрымліваем падарункі ад такіх вядомых людзей.
У завяршэнні сустрэчы адбыўся дыялог з дзецьмі. Яны задавалі шмат цікавых пытанняў і атрымлівалі вычарпальныя адказы. Міхаіл Пазнякоў падзякаваў школьнікам за ўвагу. Параіў сваім юным слухачам быць актыўнымі і дапытлівымі. Усе жадаючыя атрымалі аўтограф пісьменніка. А фота на памяць пакіне след у душы кожнага юнага чытача аб гэтай выдатнай сустрэчы.
Наталля КАЗЕБРОДСКАЯ.
natali.ya1988@mail.ru
Фота аўтара.