Сёння — 150 гадоў з дня нараджэння Цёткі

15 ліпеня спаўняецца 150 гадоў з дня нараджэння Алаізы Пашкевіч — паэтэсы, асветніцы і грамадскага дзеяча, якую ведаем пад псеўданімам Цётка. Жанчыны, чый палымяны талент прызнавалі Янка Купала і Якуб Колас, лічачы яе адной з ключавых постацей беларускага літаратурнага адраджэння.
Алаіза нарадзілася ў шматдзетнай шляхецкай сям’і на Шчучыншчыне. Маці памерла рана, і дзяўчынку выхоўвала бабуля Югася, якая ведала мноства народных казак, песень і абрадаў. Менавіта яна запаліла ў Алаізы любоў да роднага слова.

Адукацыю Пашкевіч здабывала ўпарта і доўга — прыватная гімназія ў Вільні, курсы Лесгафта ў Пецярбургу, Ягелонскі ўніверсітэт у Кракаве, універсітэт у Львове. Гэты зігзагападобны шлях тлумачыцца проста: Алаіза ўдзельнічала ў рэвалюцыйным руху, і ёй даводзілася часта мяняць месцы.
Алаіза карысталася рознымі псеўданімамі — «Гаўрыла», «Мацей Крапіўка», «Банадысь Асака». А знакамітае імя Цётка замацавалася ў 1905 годзе, калі яна забараніла батракам у бацькоўскім доме зваць яе «пані» і папрасіла казаць проста — цётка Алаіза.
У 1906-м у Львове яна выдала на ўласныя грошы два зборнікі — «Скрыпка беларуская» і «Хрэст на свабоду». Гэтыя кнігі сталі маніфестам нацыянальнага адраджэння. Цётку назвалі «беларускай Элізай Ажэшка» і «музай беларускай рэвалюцыі». Яе вершы чыталі на падпольных сходках, завучвалі на памяць.
Цётка паспявала ўсюды. Яна выступала на сцэне ў Першай беларускай трупе Ігната Буйніцкага. У 1914-м заснавала ў Мінску часопіс для моладзі «Лучынка». Пасля пачатку вайны ў Вільні арганізоўвала першыя беларускія пачатковыя школы і бясплатныя сталовыя для бежанцаў.
У канцы 1915 года выбухнула эпідэмія сыпнога тыфу. Алаіза, успомніўшы свае медыцынскія навыкі, пайшла працаваць сястрой міласэрнасці ў тыфозны барак Віленскага шпіталя.
У студзені 1916-га, даведаўшыся пра смерць бацькі, яна вярнулася ў родны Стары Двор — і засталася лячыць хворых землякоў. Тое, што ўбачыла, яе ўразіла: ніякай медыцынскай дапамогі сяляне не атрымлівалі, лячыліся замовамі і святой вадой.
Цётка адчайна шукала медыкаменты, але ў канцы студзеня захварэла сама. 5 лютага 1916 года Алаіза Пашкевіч памерла. Ёй было 39 гадоў.
Пахавана паэтэса ў вёсцы Стары Двор Шчучынскага раёна. Бронзавы помнік ёй адкрыты ў Шчучыне, яе імем названы вуліцы ў Мінску, Гродне, Лідзе, Маладзечне і іншых гарадах.
Паўтара стагоддзя — а голас Цёткі гучыць у нашых сэрцах.
