У музеі прайшлі традыцыйныя краязнаўчыя чытанні імя М.Ф.Ільюшэнкі

Правядзенне краязнаўчых чытанняў імя М.Ф.Ільюшэнкі з’яўляецца добрай традыцыяй у раённым гісторыка-краязнаўчым музеі. У гэтым годзе яны прайшлі ўжо ў 8-ы раз і пад назвай «Забытыя старонкі гісторыі малой радзімы».
Папярэднічала чытанням наведванне пастаяннай экспазіцыі музея. Там дырэктар Ларыса Сілівестрава і старшы навуковы супрацоўнік Ірына Гапеева распавялі пра адкрыцці і набыткі, зробленыя музеем за апошні час. А гэта і знойдзены на тэрыторыі ААТ «Александрыйскае» зуб маманта, і новая экспазіцыя, прысвечаная гісторыі сельгастэхнікі, і цікавыя экспанаты часоў Вялікай Айчыннай вайны, і яшчэ шмат чаго іншага.
Канферэнцыя была насычана цікавымі выступленнямі, якія тычыліся самых розных тэмаў. Да прыкладу, настаўнік Забродскай СШ Рыта Мішына расказала пра ўдзел у 1-м рэспубліканскім краязнаўчым форуме. Загадчыца экспазіцыйна-выставачнага аддзела Магілёўскага абласнога краязнаўчага музея імя Е.Раманава Аляксандра Буракова – пра выставу «Магілёў. Акупацыя. Трагедыя і подзвіг», на якой адлюстраваны і трагічныя старонкі ваеннай гісторыі Шклоўшчыны. Госць з Магілёва, ваенны гісторык Фёдар Свінціцкі адзначыў неабходнасць вывучэння новых і невядомых раней старонак з гісторыі партызанскай брыгады «Чэкіст». А загадчык філіяла раённага музея – дома-музея Пятра Алейнікава Юрый Махорын, які актыўна займаецца краязнаўчай работай, падняў усім настрой гумарыстычным даследаваннем таго, якія існуюць у вёсцы Крывель мянушкі.
Фарміраваць любоў да малой радзімы і цікавасць да гісторыі трэба з дзяцінства. А ў гэтым вельмі важная роля школьных музеяў. Пра свае музеі распавялі іх кіраўнікі – Васілій Міхайлаў з Фащаўскага ВПК д/с – СШ, Генадзій Скавородкін з Александрыйскай СШ, Святлана Алейнікава з гімназіі г.Шклова.
Падчас канферэнцыі было яшчэ мноства цікавых выступленняў. Падвяла ж яе вынік навуковы супрацоўнік абласнога музея Людміла Томчык, якая некалі стварала экспазіцыю шклоўскага музея. Яна высока ацаніла працу, праведзеную супрацоўнікамі музея за гэтыя гады, адзначыўшы, як плённа яны знаходзяць новыя экспанаты, адкрываюць новыя старонкі гісторыі, пастаянна працуюць над экспазіцыяй, адкрываюць яе новыя раздзелы. І пажадала музею далейшага росквіту.
А новыя даследванні ўжо на гарызонце. Дырэктар музея Ларыса Сілівестрава расказала пра тое, што кандыдат гістарычных навук Аляксандр Доўнар паведаміў пра знаходку вучонымі-гісторыкамі дакументаў, якія адносяцца да 1466 года, і ў іх Шклоў згадваецца як горад. Вядома, усё гэта яшчэ патрабуе далейшага вывучэння, але ўжо зразумела, што мы стаім на парозе новых і цікавых адкрыццяў.