Удзельнікаў міжнароднай канферэнцыі аб’яднала гісторыя Шклова

На мінулым тыдні ў культурным і навуковым жыцці Шклоўшчыны адбылася знакавая падзея – у наш горад з’ехаліся вучоныя і краязнаўцы з усёй краіны і нават замежжа. А аб’яднала іх гісторыя Шклова. «Шклоў і яго ваколіцы ў гісторыі Беларусі» – менавіта так называлася міжнародная навукова-практычная канферэнцыя, якая прайшла на базе раённага гісторыка-краязнаўчага музея.
Адкрыццё і пленарнае пасяджэнне канферэнцыі адбылося ў кінатэатры «Мір». Прысутнічалі на ім краязнаўцы Шклоўшчыны, вучні і настаўнікі школ горада і раёна і інш.
З прывітальным словам да гасцей і ўдзельнікаў канферэнцыі звярнуўся кіраўнік справамі райвыканкама Вадзім Рагавы. Ён падкрэсліў важнасць захавання гісторыка-культурная спадчыны, пажадаў канферэнцыі плённай работы.
Дырэктар Інстытута гісторыі НАН Беларусі Вячаслаў Даніловіч не проста расказаў пра накірункі работы Акадэміі навук, аднак і ўрачыста уручыў падзякі дырэкцыі Інстытута гісторыі краязнаўцам Вользе Якаўлевай, Александру Грудзіне, Івану Маісееву, Леаніду Анціпенка, дырэктару і навуковаму супрацоўніку раённага гісторыка-краязнаўчага музея Ларысе Сілівестравай і Ірыне Гапеевай, загадчыку філіяла раённага музея ў Крывялі Юрыю Махорыну, настаўнікам Гарадзецкага ВПК і Забродскай СШ Анатолію Турбінскаму і Рыце Мішынай, а таксама перадаў шэраг кніг у падарунак раённай бібліятэцы.
Ну а працу самой канферэнцыі з дакладам «Шклоў магдэбургскі – дзейнасць магістрата ў 1762 г.» распачаў загадчык аддзела крыніцазнаўства і археаграфіі Інстытута гісторыі НАН Беларусі Аляксандр Доўнар (на здымку).
Сярод тых, хто выступаў на працягу двух дзён, былі кіраўнік Аддзела ваеннай гісторыі Аддзялення гістарычных навук Універсітэта Мікалая Каперніка ў Торуні (Польша) Вальдэмар Рэзмер, загадчык цэнтра спецыяльных гістарычных навук і антрапалогіі Інстытута гісторыі НАН Беларусі Валянцін Голубеў, навуковы супрацоўнік Інстытута гісторыі НАН Беларусі Рагнеда Аляхновіч, прафессар Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя М.Танка Эмануіл Іофе і шмат іншых вучоных і краязнаўцаў.
Выступалі з цікавымі дакладамі і шклаўчане – Рыта Мішына, Аляксандр Грудзіна, Ірына Гапеева.
Даклады на канферэнцыі датычыліся самых розных аспектаў шклоўскай гісторыі – рэлігійнае жыццё і іканапіс, гісторыя яўрэйства, раённая газета «Прамень камунізму», Вялікая Айчынная вайна, развіццё сельскай гаспадаркі, побыт шклаўчан у мінулых стагоддзях і інш.
Канферэнцыя прайшла ў надзвычай плённым ключы, і па яе заканчэнні было прынята рашэнне выдаць зборнік, у якім будуць сабраныя ўсе матэрыялы. Сярод іншых вынікаў каферэнцыі важна адзначыць прапанову намесніка старшыні райвыканкама Сяргея Артамонава праводзіць такія канферэнцыі рэгулярна, якая была падтрыманана прадстаўнікамі Акадэміі навук.