Заходская бібліятэка ў рэспубліканскім конкурсе ўзнагароджана Дыпломам I ступені

Далёка не кожная вёска ў нашым раёне можа пахваліцца музеем. А вось у аграгарадку Еўдакімавічы ён ёсць і існуе менавіта таму, што жывуць тут людзі неабыякавыя, улюбёныя ў мінулае і сучаснае сваёй малой радзімы.
Жыхары аграгарадка невыпадкова лічаць мясцовай славутасцю музей гісторыі вёскі пры сельскай бібліятэцы. Музей быў створаны ў 2017 годзе дзякуючы намаганням і нястомнай руплівай даследчай працы мясцовага бібліятэкара Ніны Кавалёвай. Да збору экспанатаў яна далучыла не толькі дзяцей і падлеткаў, але і дарослых, якія горача падтрымалі ідэю захаваць для нашчадкаў усё тое, што датычыцца гісторыі вёскі.
Дзякуючы мэтанакіраванай пошукавай дзейнасці назапашаны багаты краязнаўчы фонд, які складаецца з кніг і брашур, папак і альбомаў з архіўнымі дакументамі, буклетаў, матэрыялаў з перыядычных выданняў, якія дазваляюць зазірнуць у мінулае краю, яго сённяшні дзень, пазнаёміцца са знакамітымі землякамі, мясцовымі майстрамі, з прыгажосцю родных мясцін.
З мэтай захавання гістарычных падзей, што адбываліся на тэрыторыіі краю, бібліятэкар Кавалёва сабрала ўнікальную краязнаўчую інфармацыю, прысвечаную гісторыі калектыўнай гаспадаркі, падзеям Вялікай Айчыннай вайны, воінам-інтэрнацыяналістам і знакамітым землякам, прадставіла яе на інфармацыйных планшэтах, шафах-вітрынах у фае бібліятэкі і стварыла такім чынам адкрытую музейную прастору.
Але галоўны вынік шматгадовай пошукавай і даследчай дзейнасці бібліятэкара – адкрыццё этнаграфічнага пакоя «Беларуская хатка», які вобразна прадстаўляе жыццё і побыт, культуру і традыцыі жыхароў Еўдакімавіч. Тут сабраны саматканыя і вышываныя ручнікі, посцілкі, тканыя дываны, прадметы побыту, старажытныя прылады працы, рэчы гаспадарчага і хатняга ўжытку, прадметы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, традыцыйнае адзенне, якія сведчаць аб высокім узроўні майстэрства жыхароў Еўдакімавіч.
Матэрыялы, сабраныя Нінай Кавалёвай, карыстаюцца вялікім попытам у вучняў і настаўнікаў мясцовай сярэдняй школы, студэнтаў, жыхароў вёскі, выклікаюць цікавасць гасцей бібліятэкі.
Сучасныя тэхналогіі далі магчымасць перавесці традыцыйныя краязнаўчыя матэрыялы ў электронны фармат, зрабіць унікальную краязнаўчую інфармацыю даступнай аддаленым карыстальнікам і такім чынам садзейнічаць папулярызацыі звестак пра сваю малую радзіму. З гэтай мэтай створаны электронны краязнаўчы рэсурс «Ад вытокаў да аграгарадка», у якім адлюстравана гісторыя аграгарадка Еўдакімавічы ад старажытных часоў да нашых дзён. Рэсурс размешчаны на сайце Шклоўскай цэнтральнай бібліятэкі.
У 2019 годзе вопыт работы бібліятэкі быў прадстаўлены на рэспубліканскім конкурсе «Бібліятэка – асяродак нацыянальнай культуры». Па выніках конкурсу Заходская бібліятэка была ўзнагароджана дыпломам першай ступені ў намінацыі «За пошукавую і даследчую працу».
Работа па краязнаўству працягваецца. У планах – далейшае папаўненне краязнаўчага фонду, стварэнне электронных інфармацыйных рэсурсаў краязнаўчай тэматыкі, працяг работы над летапісам вёскі. Усё гэта будзе спрыяць папулярызацыі ведаў аб сваёй малой радзіме, выхаванню патрыятычных пачуццяў падлеткаў і моладзі, зробіць жыццё бібліятэкі насычаным і цікавым для кожнага карыстальніка.
Тамара МІНКІНА, дырэктар ДУК «Цэнтралізаваная бібліятэчная сетка Шклоўскага раёна».