15 лютага адзначаецца свята Стрэчанне. Якімі традыцыямі яно адметна на Шклоўшчыне?

У самай сярэдзіне лютага нашы продкі адзначалі цікавае свята — Стрэчанне, альбо Грамніцы. Гэта час, калі сустракаюцца два светы: халодная, лютая зіма і цёплае, спякотнае лета.
Паводле каляндарных традыцый, Грамніцы адзначаюць двойчы: 2 лютага — па каталіцкім календары, а 15 лютага — па праваслаўным. Гэты дзень лічыўся асаблівым: нават у самы халодны месяц года магла ўзнікнуць навальніца з громам і маланкамі — знак таго, што вясна не за гарамі.
Асновай усіх абрадаў была грамнічная свечка. Яе рыхтавалі з асобнага воску, і гэта была святочная праца гаспадара дома. Важнае правіла заключалася ў тым, што свечку трэба было зрабіць у апошнюю суботу перад святам.
На Грамніцы сям’я ішла ў царкву, каб прысвяціць свечку. Пасля гэтага яна станавілася моцным рытуальным абярэгам для ўсяго дому. Пасля вяртання з царквы пачынаўся абрад «агністае крыжаванне». Спачатку гаспадар легка падпальваў валасы на галаве — крыж‑на‑крыж. Потым таксама рабіў жонцы і дзецям, прычым па старшынству. Далей абрад праводзілі над хатнымі жывёламі. Мэта была простая: абараніць усіх дамачадцаў ад нячыстай сілы, зайздрасці і сурокаў.
У канцы гаспадар прастукваў свечкай сцяны дома, хлявоў, гаспадарчых пабудоў, столі і гарышча. Потым свечку хавалі ў далёкі кут, каб «нячыстая сіла не падазравала аб яе існаванні».
Грамнічная свечка служыла ўвесь год, але выкарыстоўвалася толькі ў асабліва важных выпадках. Напрыклад, яе бралі з сабой пры ходзе ў сваты або калі бабка‑павітуха прымала новага члена сям’і пры нараджэнні дзіцяці. Гаючы воск давалі хворым, каб яны хутчэй папраўляліся. Калі чалавек паміраў, свечку давалі яму, каб было лягчэй пры пераходзе на той свет. На Дзяды і Радаўніцу свечка абавязкова стаяла ў куце. Таксама яе запальвалі пры першым выгане жывёлы на пашу, пры расхінанні першай баразны і пры насыпанні першага мяшка збожжа новага ўраджаю. А ў час навальніцы свечку запальвалі, каб абараніць дом ад удару маланкі.
Людзі ўважліва назіралі за свечкай у царкве і ў доме, каб прадказаць будучыню. Калі свечкі патрэскваюць падчас богаслужэння, значыць, летам будуць частыя навальніцы. Калі да цяжкахворога паднесці запаленую свечку і дым ідзе да дзвярэй, гэта значыць, хворы хутка памрэ; а калі дым распаўзаецца па хаце — хворы папраўляецца. Існавала і прымета пра гром: калі першы гром грыміць на набраклыя ныркі, будзе багаты год, а калі на голы лес — год будзе галодны.
У народзе казалі: на Грамніцы зіма з летам сустракаюцца. Гэта адлюстроўвалася і ў народных прыказках, і ў малых творах. Вось адзін з іх, што захаваўся ў памяці старэйшых пакаленняў:
А ў нас сёння стрэчанне,
Зіма з Летам стрэлася,
Лета Зіму піхнула, зіма ножку звіхнула.
Зіма пайшла плачучы, Лета пайшло скачучы.
Гэтыя словы — не проста забаўлянка. Гэта сімвал пераходу, канца зімы і пачатку новага жыццёвага цыкла.
Сёння, калі шмат чаго змянілася, традыцыі Грамніц дапамагаюць нам адчуць сувязь з продкамі, зразумець, як нашы продкі ўспрымалі прыроду і час, а таксама захаваць частку духоўнай спадчыны, якая робіць нас беларусамі.
Па матэрыялах Юрыя Бабака, краязнаўца з д. Загор’е.