Троіца ў вёсках Шклоўшчыны

Дзень Святой Троіцы — Сёмуха — адзначаецца на пяцідзесяты дзень пасля Вялікадня. Сама прырода нібыта яднаецца з чалавекам, і ўсё навокал напаўняецца жыццём, водарам і колерам. У вёсцы з пакон вякоў перад святам ужо з пятніцы панавала асаблівая, падрыхтоўчая атмасфера. У кожным доме былі свае сямейныя традыцыі і сакрэты.
Гаспадары і гаспадыні рыхтаваліся да свята старанна: наводзілі парадак не толькі ў двары ды хаце, але і агародныя справы імкнуліся завяршыць загадзя. Упрыгожвалі хату духмянымі кветкамі, травамі, расцілалі аір, вырваны на балоце. Пах яго разносіўся па ўсім доме і двары. У хаце ставілі галінкі клёну, бярозы, дубу, кветкі жасміну, півоні ды рознатраўе. Дом вымываўся дачыста. У хаце пахла не толькі зелянінай ды травамі — з печы далятаў пах духаўскіх кулічоў, хлеба, пышак і смачнай ежы.
Духаўская субота — гэта цалкам падрыхтоўка да Тройцы. Заўсёды чуў і ведаю з дзяцінства: у духаўскую суботу заканчвалася пасадка капусты. Яшчэ помню, як бабулькі казалі: у духаўскую суботу памінаюць усіх памерлых, асабліва ўтопленікаў. На ваду неслі абрадавы памін — кашу, хлеб, яешню.
У суботу заўсёды тапілі лазню — мыліся дачыста. Увечары ўсе родныя збіраліся за памінальным сталом. Таксама завівалі вянкі з траў і галін бярозы і вешалі пад страхі хат і хлявоў, дзе вадзілася жывёла — на абарону і засцярогу. Усе галіны, травы, зеляніна — «май» — захоўваліся да Іванава дня, а потым спальваліся. Але асвечаныя зёлкі бераглі ўвесь год у чырвоным куце і маглі выкарыстоўваць у жыццёвых сітуацыях.
Пах кулічоў і прыгатаванай ежы разносіўся па ўсім доме. Галоўнай стравай была яешня на сале. Хадзілі на могілкі, наведвалі нябожчыкаў, на магілы расцілалі духмяны аір. У саму Троіцу бабулькі, жанчыны з раніцы ў самых лепшых уборах ішлі на службу ў храм. Як помню, старыя людзі казалі — на абедню хадзілі ў царкву асвячаць зёлкі. Перад святам жанчыны неслі аброк на крыніцу — насілі рушнікі і ўпрыгожвалі абраз там. А яшчэ казалі ў вёсцы: «Да Духа не здымай кажуха» — бо да Троіцы надвор’е было непрадказальнае.
Святкавалі Троіцу на прыродзе. У нас непадалёку быў бярозавы гай — там заўсёды збіраліся. Абед быў, танцы, музыка — гармонік, песні. Бабулькі куміліся — вучылі і перадавалі дзяўчатам, як трэба куміцца, як завіваць вянкі. Абменьваліся кожная вяночкам ці стужкай — у знак дружбы і кумаўства.
Ад Тройцы да Івана Купалы ішоў сенакос. У кожнай сям’і даставалі сыравяленыя каўбаскі начыненыя, акаракі. Да гэтага часу ў агародах вырасталі свежыя агуркі, зеляніна, маладая бульба. У лясах з’яўляліся першыя грыбы і ягады суніц. Прырода адорвала мноствам траў, кветак, зеляніны. Ад Троіцы да Пятрова дня нарыхтоўвалі ў лазню венікі і збіралі мноства лекавых траў. Асвечаныя букеты кветак, траў, аіру называлі «май» і захоўвалі цэлы год.
Некалі ў вёсцы Барсукі стаяла царква Святой Троіцы, і там заўсёды быў троіцкі прастольны дзень — кірмаш. Туды па магчымасці з усіх бліжэйшых вёсак — Дабрэйкі, Царкавішчаў, Каменных Лаваў, Бушлякоў — з’язджаліся на служэнне і кірмаш. Вёска Дабрэйка была вялікім населеным пунктам, шмат было вернікаў, пеўчых. Палова жыхароў хадзіла на Высокае ў царкву, а другая палавіна — у Барсукі на багамолле.
Распавёў Юрый Бабак, краязнаўцы з вёскі Загор’е




