Жыхар вёскі Загор’е расказаў пра народныя рамёствы і традыцыі святкавання Міколінага дня

На Шклоўшчыне вельм беражна шануюць абрады і рэліквіі, якія дайшлі да нас ад нашых продкаў, з глыбіні вякоў. І вельмі прыемна, что спадчыну захоўвае ў тым ліку моладзь. Як, напрыклад, краязнаўца Юрый Бабак з вёскі Загор’е. Ён распавёў нам пра традыцыі ткацтва і вышывання рушнікоў, а таксама пра святкаванне Дня святога Мікалая на Шклоўшчыне.
Рушнік як дарога жыцця
Ткацтва здаўна было адным з галоўных рамёстваў беларусаў. У кожнай сям’і стаялі кросны, калаўроты, і жанчыны ўмелі ткаць рушнікі, якія суправаджалі чалавека ад нараджэння да апошняга шляху. Рушнік у беларускай культуры – гэта знак жыцця, абярэг і сведка гісторыі. Рушнікі былі патрэбныя на кожны абрад: на вяселле, хрэсьбіны, пахаванне, вялікія святы. Узоры і колеры мелі глыбокі сэнс: чырвоны сімвалізаваў жыццё і радасць, белы – чысціню, ромбы азначалі зямлю, хвалі – ваду.

«У нашай вёсцы рушнік заўсёды прысутнічаў у абрадзе: яго вешалі на кошык пры засеве зерня, і гэта было знакам урадлівасці і дабрабыту», – расказвае Юрый Бабак. Рушнікі засталіся яму ў спадчыну ад бабулі, якая вучыла вышываць і яго.
Пра рушнікі Юрый можа расказваць бясконца. Ён тлумачыць, які ўзор што азначае, як у кожным шыўку захоўваецца сэнс і памяць. На вясельных рушніках заўсёды вышываліся птушкі – знак жыцця і новага пачатку. Імі павязвалі рукі жаніху і нявесце, каб злучыць іх лёсы. Асаблівыя рушнікі прызначаліся для таго, каб станавіцца на іх падчас вянчання, каб садзіць нявесту на пасад. У яго аповедах гучаць імёны жанчын-майстрых, што некалі трымалі ў руках пражу і кросны: Ева Сітнячэнка, Зінаіда Кухарава, Аксінія Марцінкова і іншыя.
А не так даўно Юрый здзейсніў паездку ў Бранскую вобласць, у Новазыбкаў, дзе ў Доме народнага творчасці пазнаёміўся з майстрам Аляксеем Беласам. Там Юрый убачыў працэс ткацтва, пачуў аповед пра арнаменты і нават сам сеў за кросны. Гэта сустрэча стала для яго важным досведам, які дапамог яшчэ глыбей адчуць сувязь рамяства з духоўным жыццём і традыцыямі.

Дзень святога Мікалая
Свяціцель Мікалай, архіепіскап Мірлікійскі, здаўна на праваслаўных землях лічыўся вялікім заступнікам і памочнікам. Праваслаўная царква шануе яго памяць двойчы на год – 19 снежня і 22 мая. У Беларусі культ святога быў асабліва моцным: каля чвэрці храмаў ХІІ–ХVІІ стагоддзяў былі асвячаны ў яго гонар. Беларускія продкі называлі яго «міласцівым», уяўлялі сівабародым старцам, які мог з’явіцца ў выглядзе вандроўніка ці жабрака. Ікона святога Мікалая вісела амаль у кожнай хаце.
«На Шклоўшчыне захавалася традыцыя святкавання Мікольшчыны. Асаблівы абрад – перанос свячы і іконы святога – адбываецца ў вёсцы Загор’е і ваколіцах. Жыхары збіраюцца разам, запальваюць свячу перад абразом, моляцца, а потым пераносяць святыню ў іншы дом. Дарогу, па якой нясуць ікону, засцілаюць саломай, а працэсія суправаджаецца малітвамі і песнапеннямі», – расказвае Юрый Бабак.

Галоўны абярэг – свяча – перадаецца на захаванне тым, хто асабліва мае патрэбу ў падтрымцы: калі сям’я перажывае цяжкасці, хваробы ці страты. Такім чынам, абрад становіцца не толькі рэлігійным, але і сацыяльным актам салідарнасці і спагады.
У дзень свята гаспадары накрываюць багаты стол, дзякуюць святому за пражыты год і за абарону сям’і. Пасля малітвы і песнапенняў двое мужчын асцярожна бяруць на рукі абраз і нясуць яго ў новы дом. Там ікону ставяць у «чырвоны кут» – і на працягу года гэты дом становіцца своеасаблівым маленькім храмам.

«Старэйшыя людзі кажуць, што ў Рыжковічах існавала нават чатыры абразы святога Мікалая, якія «хадзілі» па розных частках вёскі, каб кожная сям’я магла прыняць святога ў свой дом, – узгадвае Юрый. – У Даньковічах і Загор’і традыцыя таксама была моцнай: жыхары рыхтавалі святочныя абеды, накрывалі сталы белымі абрусамі, а святога Мікалая шанавалі як сапраўднага бацьку».
Такі абрад – жывая памяць пра нашых дзядоў і прадзедаў, пра іх веру і надзею. Ён сведчыць, што традыцыі жывуць, пакуль людзі збіраюцца разам, моляцца і перадаюць святыню з пакалення ў пакаленне.