Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі праводзіць акцыю “Падары немаўляці вышыванку”

Адной з задач Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі з’яўляецца выхаванне патрыятызму, любові да радзімы, павагі да народных традыцый. А гэта павінна ажыццяўляцца з самага ранняга дзяцінства. Таму і праходзіць напярэдадні Дня Незалежнасці Рэспублікі Беларусь у нашай краіне акцыя “Падары немаўляці вышыванку”. У яе межах актывісты БРСМ наведваюць радзільныя дамы і аддзяленні, урачыста ўручаюць маладым мамам і іх немаўлятам падарункі з нацыянальным беларускім арнаментам.
У Шклове акцыя прайшла 28 чэрвеня. У гэты дзень у радзільнае аддзяленне цэнтральнай раённай бальніцы завітала сакратар пярвічнай арганізацыі БРСМ ЦРБ Анастасія Рабчанка. Яна ўручыла жанчынам, якія зусім нядаўна сталі мамамі – шклаўчанцы Таццяне Дубоўскай і Рузане Паўлавай з Александрыі – чэпчыкі з беларускім арнаментам, а таксама расказала пра яго значэнне.
Дарэчы, у абедзвюх жанчын нарадзіліся дачушкі, і прычым у Таццяны гэта ўжо трэцяя дачка, у Рузаны – другая. Імёны ім пакуль не прыдумалі, аднак у адным можна быць ўпэўненым – дзяўчаткі вырастуць сапраўднымі прыгажунямі і сапраўднымі беларусачкамі.