Чалавек, творца, грамадзянін… Сёння спаўняецца 130 год са дня нараджэння Кандрата Крапівы

Чалавек, творца, грамадзянін… Сёння спаўняецца 130 год са дня нараджэння Кандрата Крапівы

5 сакавіка Беларусь адзначае 130-годдзе пісьменніка, якога па праву можна назваць адным з самых любімых чытачамі у нашай краіне. Яго творы вядомы кожнаму са школьнай парты, а радкі з іх даўно сталі крылатымі. Гэта – Кандрат Кандратавіч Атраховіч, больш вядомы як Кандрат Крапіва.

За кніжнымі старонкамі заўсёды важна бачыць чалавека. І для таго, каб яскравей уявіць асобу Кандрата Крапівы, мы пагутарылі з яго ўнучкай. Алена Атраховіч з’яўляецца кандыдатам мастацтвазнаўства, дацэнтам, загадчыцай кафедры дызайну моды БДУ. А яшчэ – захавальнікам памяці пра свайго выдатнага дзядулю.

Народны пісьменнік БССР, сатырык, драматург, мовазнаўца, акадэмік, Герой Сацыялістычнай Працы, удзельнік двух войнаў… За ўсімі афіцыйнымі званнямі і рэгаліямі, па словах Алены Ігараўны, стаяў чалавек высокай культуры і ўнутранай годнасці – просты, сціплы, добры.

Кандрат Крапіва з сям’ёй

У паўсядзённасці Крапіва быў аскетам: не любіў лішняга, не імкнуўся да камфорту, не карыстаўся сваім статусам. І пры гэтым быў вельмі цёплым і ўважлівым. Яна памятае, як у дзяцінстве прыходзіла да дзеда і прасіла: «Дзядуля, давай памалюем». Ён адгукаўся, і яны разам малявалі. Яго малюнкі былі вострыя, графічныя, вельмі прафесійныя, хоць ён ніколі не вучыўся маляванню.

Рабочы стол пісьменніка ў экспазіцыі краязнаўчага музея Узды

У доме часта збіраліся пісьменнікі, навукоўцы, сваякі — і для кожнага знаходзілася добрае слова. Асабліва кранальна гучаць успаміны пра тое, як ён размаўляў з дзецьмі: мякка, па бацькоўску. Яго гумар быў тонкі і заўсёды да месца. Ён ніколі не дазваляў сабе крыўдзіць чалавека, не закранаў чалавечай годнасці. Але, калі трэба, умеў быць цвёрдым і паказаць свой характар.

Дома ў Якуба Коласа. Справа налева: М.Лынькоў, Я.Колас, К.Крапіва, П.Кавалёў, У.Барысенка, П.Глебка, М.Лужанін, П.Броўка і М.Танк у дзень 65-годдзя Якуба Коласа. 3 лістапада 1947 года

Нарадзіўся Кандрат Атраховіч у вёсцы Нізок на Міншчыне ў вялікай сялянскай сям’і. З маленства ён чуў жывую беларускую мову: у песнях маці Пелагеі, у жаночых спевах каля кроснаў, у вясковых аповедах. Гэтая моўная стыхія стала яго духоўнай крыніцай на ўсё жыццё. У яго доме заўсёды панавала двухмоўе, але да беларускай мовы было стаўленне асаблівае.

Прапраўнук Глеб і ўнучка Алена ў вёсцы Нізок.

У 18 гадоў ён экстэрнам здаў экзамены на званне народнага настаўніка і пачаў выкладаць у вясковай школе. Першыя творы Крапівы з’явіліся ў друку ў 1922 годзе. Псеўданім «Крапіва» ён выбраў невыпадкова: востры, «пякучы» характар яго сатыры адпавядаў гэтай расліне. У 1926 годзе паступіў у БДУ, дзе актыўна ўключыўся ў літаратурнае жыццё Мінска.

Гутарачы з унучкай Крапівы, нам, канешне ж, хацелася даведацца, ці была ў яго сувязь з Магілёўшчынай і Шклоўскім раёнам. І такая сувязь знайшлася! У 1920 я гады ён шмат ездзіў па Беларусі як інструктар краязнаўчага бюро, збіраў фальклор, вывучаў гаворкі, у тым ліку бываў у вёсках Магілёўшчыны і Шклоўшчыны. А пасля вайны, ствараючы «Дыялекталагічны атлас Беларусі», зноў наведваў Прыдняпроўскі край.

У першыя дні Вялікай Айчыннай вайны яго мабілізвалі і разам з групай пісьменнікаў накіравалі ў Магілёў, дзе знаходзілася палітупраўленне Заходняга фронту. Менавіта тут пачала выходзіць франтавая газета «За Савецкую Беларусь», дзе ён працаваў разам з Міхасём Лыньковым, Пятром Глебкам, Максімам Танкам. Затым у 1943 годзе ён стаў рэдактарам легендарнай газеты плаката «Раздавім фашысцкую гадзіну!».

Кандрата Крапіву называюць рэфарматарам беларускай байкі. Ён стварыў больш за пяцьдзясят баек, у якіх спалучаюцца вострая сацыяльная сатыра, жывая народная мова і яркія вобразы. Яго драматургія – асобная вяршыня. П’еса «Хто смяецца апошнім» прынесла яму ўсесаюзную вядомасць. Сярод іншых значных твораў — «Мілы чалавек», «З народам», «Брама неўміручасці», «Навука смяяцца». Унучка згадвае, як хадзіла з дзедам на рэпетыцыі «Брамы неўміручасці» ў Купалаўскі тэатр. Ён уважліва сачыў за трактоўкай персанажаў, спрачаўся з рэжысёрам Валерыем Раеўскім, адстойваў кожную дэталь. Апошнім значным драматычным творам, напісаным Кандратам Крапівай, стала драма «На вастрыі», дзе закрануты важныя маральныя пытанні.

«Крапіва быў чалавек неверагоднай працаздольнасці, – адзначае Алена Ігараўна. – Праца для яго была не абавязкам, а натуральнай патрэбай. Менавіта гэтая ўнутраная дысцыпліна дазволіла яму захаваць высокі творчы ўзровень на працягу ўсяго жыцця».

Спадчына Кандрата Крапівы – гэта частка нашай нацыянальнай памяці, жывы моўны свет, які працягвае ўздзейнічаць на новыя пакаленні. Яго сатыра, глыбокая мудрасць і любоў да беларускай мовы застаюцца актуальнымі і сёння. Юбілей Кандрата Крапівы – гэта добры момант яшчэ раз перачытаць яго кнігі, адкрыць для сябе яго мудрасць, пачуць гучанне беларускай мовы ў яе найбольшай выяўленчай сіле. Бо пакуль жыве цікавасць да яго твораў, жыве і спадчына пісьменніка як вечнае сведчанне таленату, працавітасці і любоў да Радзімы.

Афарызмы Кандрата Крапівы
• Другі баран – ні «бэ», ні «мя», а любіць гучнае імя.
• Каб сонца засланіць – вушэй асліных мала.
• Да славы прагныя, ды вузкія ў плячах.
• Дурань таму і блішчыць здалёк, што знаходзіцца не на сваім месцы.
• Лес не рубяць языкамі.
• Гэта вялікая справа – паставіць чалавека на сваё месца.
• Аднак жа, як свінню ні кліч, Яе заўсёды выдасць лыч!
• Памагатым у адказ я сказаў бы: братцы, пацярпіце на той час, як я іду па кладцы

Последние новости

Досуг

Знаете ли вы, какие ошибки при посеве моркови приводят к мелким корнеплодам?

8 мая 2026
Читать новость
Общество

9 мая в Беларуси состоится общенациональная минута молчания

8 мая 2026
Читать новость
Школьные горизонты

Общешкольная линейка в гимназии Шклова напомнила о цене Великой Победы

8 мая 2026
Читать новость
Официально

Заседание штаба по подготовке к «Дожинкам-2026» прошло в Шклове

8 мая 2026
Читать новость
101 информирует

Шкловский РОЧС: о пожарной безопасности на производстве

8 мая 2026
Читать новость
В мире

Сейм Польши рассмотрел предложение о вотуме недоверия главе Минздрава на фоне кризиса в здравоохранении

8 мая 2026
Читать новость

Рекомендуем