Цягнік “Клопат” наведаў аддаленую вёску Гарадзішчанскага сельсавета

…Вёска Навасёлкі Гарадзішчанскага сельскага савета, якую інфармацыйна-сацыяльны поезд «Клопат» наведаў на мінулым тыдні, ніяк не паходзіць на глыбінку. Дагледжаныя дамы, неблагая дарога, жыхары, якія прывыклі жыць на зямлі і быць на ёй гападарамі.
Пачалася сустрэча з прадстаўнікамі розных службаў з канцэрта мастацкай самадзейнасці. З усёй творчай аддачай падымалі настрой вяскоўцам выканаўцы Гарадзішчанскага сельскага Дома культуры, спяваючы даўно знаёмыя песні пад акампанемент баяна.
Як паведаміла старшыня Гарадзішчанскага сельвыканкама Алена Шабунёва, Навасёлкі – адносна вялікая вёска, тут праходзяць дзве вуліцы, зарэгістравана каля 100 чалавек.
Прадстаўнік райадміністрацыі – галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Юлія Сцепанькова пацікавілася ў тых, хто завітаў да месца сустрэчы, аб тым, як жывецца ў населеным пункце, як тут працуюць пошта, аўталаўка, ці ёсць пытанні да іншых службаў. З адказаў жанчын высвятлілася, што ўсе іх пытанні вырашаюцца своечасова. Жыхаркі акцэнтавалі ўвагу на тым, што магчымым гэта становіцца дзякуючы намаганням Алены Шабунёвай. «Да яе можна звярнуцца заўсёды і ў любы час», – упэўнены мясцовыя жыхары.
Выступілі з актуальнай інфармацыяй супрацоўнікі сілавых структур. Інспектар інспекцыі нагляду і прафілактыкі РАНС Андрэй Варанцоў паведаміў пра недапушчальнасць выпальванняў травы, правілы наведвання лясоў, а таксама пра выкананне патрабаванняў да эксплуатацыі пячнога абсталявання. Участковы інспектар РАУС Раман Ісаеў нагадаў жыхарам аб асабістай і маёмаснай бяспецы, папярэдзіў ад магчымых падманах пад час правядзення перапісу насельніцтва. А спецыяліст раённага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Ірына Смірнова расказала жыхаркам пра паслугі, якія прадастаўляюцца цэнтрам.
«Сёння на сустрэчу прыйшлі жанчыны пенсійнага ўзросту, астатнія занятыя на працы, – тлумачыць старшыня сельвыканкама. – Вяскоўцы рады таму, што існуе такая форма зносінаў. Ім важна расказаць аб тым, што іх хвалюе». Па словах Алены Шабунёвай, на тэрыторыі сельсавету працягваецца работа па навядзенню парадку: у 2018 годзе 81 дом быў знесены, вызваленая зямля ўцягнута ў севазварот і зараз прыносіць карысць.