Дар ствараць прыгажосць

Валерый Балалаў, народны майстар з вёскі Аляксандраўка Старашклоўскага сельсавета, шмат год аддаў свайму захапленню – разьбе па дрэву. Ствараць прыгажосць – гэта яго прызванне і яго дар.
Нарадзіўся Валерый Васільевіч у вёсцы Дубраўка. Пасля заканчэння школы механізацыі ў Бялынічах працаваў механізатарам, кінамеханікам. А пасля арміі і некалькіх год працы на чыгунцы ўладкаваўся на папяровую фабрыку “Спартак”. У 90-я гады, калі не было стабільнасці і вытворчасць прастойвала, пераехаў у Аляксандраўку. Тут яго папрасілі месяц папрацаваць лесніком. Месяц незаўважна расцягнуся на некалькі год – толькі ў 2011-м Валерый Балалаў пайшоў на пенсію. І цалкам прысвяціў сябе свайму захапленню.
“У аднаго дар пісаць музыку, у другога – іграць на гармошцы, – кажа Валерый Васільевіч. – У мяне ж дар прыдумваць. У дзяцінстве мне здавалася, што так ва ўсіх. Аднак не… Вось ляжыць у лесе сухая галінка. Адзін чалавек у ёй убачыць перашкоду для сваёй хады, другі – матэрыял для раскладкі вогнішча, а трэці – цікавую жывёліну”.
Яшчэ працуючы на фабрыцы “Спартак” брыгадзірам кампрэсарнай устаноўкі ў 80-я гады, Балалаў унёс каля 150 рацыянальных прапаноў, з іх каля 100 з эканамічным эфектам. За гэта атрымаў званне “Лепшы рацыяналізатар фабрыкі”, Грамату Савета Міністраў СССР.
Ну, а праца лесніком, стасункі с жывой прыродай садзейнічалі натхненню майстра.
Майстэрню Валерыя Балалава, пад якую ён пераабсталяваў куплены нежылы дом, упрыгожваюць вырабы дзівоснай прыгажосці – ад ікон да казачных герояў. Нават русалка на галінках сядзіць і кот вучоны песні водзіць. Усё з дрэва альбо гіпсу. Абсталяванне: разцы, такарныя, дрэваапрацоўчыя станкі – ён таксама робіць сам.
Рэлігійная тэматыка займае асаблівае месца. “Я чалавек веруючы, – кажа майстар. – Нават у савецкія часы, будучы камуністам, хадзіў у царкву”.
Аднойчы маці паскардзілася, што патрэбна пралка, а купіць немагчыма. Валерый Васільевіч загарэўся ідэяй, даведаўся, што ў Гарадзішчы ёсць майстар, які іх робіць і пераняў вопыт. Акрамя таго, умее Валерый Балалаў і печы рабіць. Заслужана ўмелец з вёскі Аляксандраўка афіцыйна атрымаў званне “народны”.
Сыны майстра жывуць далёка: Эдуард – у Маскве, Сяргей – у Бялынічах. Аднак часта прыязджаюць да бацькі і прывозяць унукаў. Старэйшая унучка Аня вучыцца ў 11 класе і піша вельмі добрыя вершы. Малодшай, Олі, тры годзікі. А трэццякласнік Стас вельмі любіць назіраць за працай дзядулі ў майстэрні і нават даваць парады. А можа, з часам і перайме яго майстэрства.
Вольга ДАНІЛАВА.