Імгненні вайны ў фотаздымках. Раённы музей прапаноўвае аматарам гісторыі віртуальную экскурсію

Калі праходзіш міма раённага гісторыка-краязнаўчага музея, увагу прыцягваюць партрэты ў вокнах. На прахожых з іх глядзяць салдаты Перамогі. Нашы землякі, якія змагаліся на франтах і ў партызанскіх атрадах, якія здабылі мірнае неба над нашымі галовамі.
Усе фотаздымкі, з якіх былі зроблены вялікія партрэты, перададзены ў музей сваякамі загінуўшых і без вестак прапаўшых удзельнікаў вайны, ветаранамі, іх дзецьмі і ўнукамі.
«Гэтыя фотаздымкі захоўваюць імгненні той незабываемай гісторыі нашага народа, калі кроўю і потам, цяжкай працай, пакутамі мільёнаў людзей мы перамаглі ў гэтай страшнай вайне, – адзначае дырэктар музея Ларыса Сілівестрава. – Яны знятыя ў разнастаных абставінах: у салонах і ў хатніх умовах, на перадавой і ў вызваленых ад фашыстаў гарадах, калектыўна і індывідуальна, з радасцю і задумлівым смуткам… Гэтыя фотаздымкі – вельмі важны аб’ектыўны фотадакумент ў гісторыі Другой сусветнай вайны і ў гісторыі нашага беларускага народа. Нашы героі-землякі дастойны памяці ў нашых сэрцах, і мы павінны з павагай ставіцца да іх подзвігаў, іх жыццяў».
У холе музея кожны яго наведвальнік можа ўбачыць выстаўку «Час выбраў нас…» Работнікі музея пастараліся зрабіць яе як мага больш пазітыўнай, бо Перамога была радаснай і доўгачаканай падзеяй для мільёнаў людзей. Яблыневыя кветкі, трафейны акардэон, патэфон, з якога некалі гучалі ваенныя песні, скульптура Васілія Цёркіна – усё гэта стварае па-сапраўднаму святочны настрой.
Ну, а асаблівы сюрпрыз работнікі музея падрыхтавалі для кожнага, хто не можа наведаць яго і ўбачыць пастаянную экспазіцыю. Зараз гэтая экспазіцыя, а калі дакладней, зала, прысвечаная падзеям Вялікай Айчыннай вайны на Шклоўшчыне, даступна любому чалавеку ў любы момант і ў любой кропцы свету.
«Віртуальная экскурсія зроблена шляхам аб’яднання некалькіх фотаздымкаў, – расказаў нам захавальнік фондаў Юрый Дзенісенка. – Гэта дазваляе чалавеку, які глядзіць яе, самому выбіраць ракурс. А таксама пераходзіць па спасылкам і даведвацца пра гісторыю Вялікай Айчыннай вайны на Шклоўшчыне».
3D-экскурсія даступная ў сацыяльных сетках у групах раённага музея, а таксама на youtube па спасылцы https://www.youtube.com/watch?v=Fw3NFST1y54.