У Шклоўскім раёне, як і на ўсёй Магілёўшчыне, працуюць рэйдавыя групы, якія нагадваюць людзям, якія сталі кантактамі 1-га і 2-га ўзроўняў для хворых на COVID-19 пра неабходнасць выконваць правілы самаізаляцыі. З адной з такіх груп пабывалі ў рэйдзе і мы. Прадстаўнік міліцыі і раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі наведалі студэнтаў, якія з’яўляюцца кантактамі 2-га ўзроўню, і нагадалі ім пра неабходнасць заставацца дома на неабходны тэрмін. Да слову, у большасці з іх гэты тэрмін заканчваўся на днях, аднак гэта не падстава для таго, каб раслабіцца.
«Нагадваем не толькі пра неабходнасць заставацца дома, – адзначыла дэзінфектар райЦГЭ Жанна Грыгор’ева, – аднак і пра тое, што пры наяўнасці сімптомаў захворвання трэба абавязкова вызваць урача. А таксама пра тое, што парушэнне правілаў самаізаляцыі згодна з пастановай Савета Міністраў пагражае адміністрацыйнай адказнасцю. Але штрафы штрафамі, а кожны сам павінен усведамляць, што толькі грамадзянская адказнасць дапаможа хутчэй пераадолець складаную эпідэміялагічную абстаноўку».