На Шклоўшчыне вызначаны лепшыя аратыя

Конкурс “Араты-2016” прайшоў з мэтай павышэння прафесійнага майстэрства механізатараў, занятых на сельскагаспадарчай вытворчасці, павышэння кваліфікацыі і прэстыжу сярод моладзі прафесіі механізатара. Арганізатарамі яго выступілі ўпраўленне сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама і райкам прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу.
Адкрыццё спаборніцтваў прайшло ва ўрачыстай абстаноўцы, з песнямі артыстаў раённага Дома культуры. Ганаровае права падняць сцяг конкурсу было прадастаўлена механізатару ЗАТ “ААБ-Агра Гарадзец” Сяргею Шчаўлікаву. Перад аратымі са словамі вітання выступіў намеснік старшыні райвыканкама, начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Іван Радоўскі.
Умовы спаборніцтваў былі простыя. Поле падзелена на 12 палос для трактароў МТЗ-3022 і на 12 палос для трактароў МТЗ-1221. Сваю паласу кожны араты выбраў у выніку жэрабя. Журы ацэньвала як якасць, так і час узворвання.
У конкурсе прымалі ўдзел 24 аратых, аднак людзей каля поля было значна больш. Сваіх працаўнікоў прыехалі падтрымаць прадстаўнікі агранамічнай і інжынернай службаў гаспадарак. Прыйшлі паназіраць за конкурсам і мясцовыя жыхары.
У выніку спаборніцтваў было вызначана шэсць прызавых месцаў. На трактары МТЗ-3022 першае месца заняў Аляксандр Балдэўскі (ЗАТ “Ніва”), другое – Ігар Сакалоўскі (ЗАТ “Амкадор-Шклоў”), трэцяе – Руслан Кавалёў (ААТ “Гавяды-агра”),. На трактары МТЗ-1221 пераможцам стаў Сяргей Шумейка (ЗАТ “Амкадор-Шклоў”), на другім месцы знаходзіцца Сяргей Шчаўлікаў (ЗАТ “ААБ-Агра Гарадзец”), на трэцім – Аляксандр Малаховіч (ААТ “Александрыйскае”).
Пераможцаў і прызёраў павіншавалі намеснік начальніка ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама Мікалай Паўловіч, старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Аляксей Дзядкоў і ўручылі ім караваі, ганаровыя граматы і грашовыя прэміі ад райкама прафсаюза.
Конкурс скончыўся, а лепшых механізатараў у хуткім часе чакаюць новыя перамогі – на жніўнай ніве.
Вольга ДАНІЛАВА.
assol2711@mail.ru
Фота АлякасандраРЫБАКОВА.
Ігар САКАЛОЎСКІ, механізатар ЗАТ “Амкадор-Шклоў”, адзін з самых маладых удзельнікаў конкурсу:
– У дадзеным конкурсе я ўдзельнічаю другі раз. У мінулым годзе трапіць у прызавую тройку не ўдалося, а зараз заняў другое месца і вельмі задаволены гэтым, хоць, канешне, яшчэ ёсць да чаго імкнуцца. Механізатарам я працую чатыры гады. Канешне, праца нялёгкая, аднак вельмі пачэсная. Бо шмат у чым ад адказнай работы аратага залежыць добры ўраджай.