“Вершы з’яўляюцца тады, калі штосьці трывожыць”. 21 сакавіка – Міжнародны дзень паэзіі

Што такое паэзія? Гэта мастацтва выражаць пачуцці прыгожым словам. Паэзія аб’ядноўвае людзей розных нацыянальнасцей, розных светапоглядаў, бо адлюстроўвае самыя патаемныя старонкі чалавечай душы. У 1999-м годзе ЮНЕСКА аб’явіла дзень 21 сакавіка Міжнародным днём паэзіі. І напярэдані свята мы гутарым з настаўніцай беларускай мовы і літаратуры Гарадзецкага ВПК д/с – СШ Галінай ГРАХОЛЬСКАЙ, для якой паэзія – гэта не толькі праца, але важная частка жыцця.
– Галіна Ягораўна, з чаго пачалося ваша захапленне паэзіяй?
– Я заўсёды любіла чытаць і да паэзіі неабыякавая яшчэ са школьных гадоў. Менавіта тады адкрыла для сябе вершы Расула Гамзатава, Юліі Друнінай, паэтаў-шасцідзесятнікаў. На той час, у 80-90-я, было модна складаць вершы. Паэзіяй захаплялася ўсё пакаленне, па тэлебачанню паказвалі выступленні вядомых паэтаў – Роберта Раждзественскага, Яўгенія Еўтушэнкі, Бэлы Ахмадулінай і іншых.
– Вершы якіх паэтаў Вам падабаюцца найбольш?
– З задавальненнем чытаю вершы не толькі беларускіх паэтаў, але і паэзію ўсіх народаў свету. Сярод маіх любімых паэтаў акрамя вышэйназваных Гамзатава і Друнінай – Амар Хайям, Нізамі, Сільва Капуцікян, а таксама Пімен Панчанка, Ніл Гілевіч, , Рыгор Барадулін, Яўгенія Янішчыц… Я люблю простую, зразумелую, даступную, і ў той жа час філасофскую паэзію.
– Якое месца займае беларуская паэзія ў сусветным літаратурным працэсе?
– Як і любая пэзія, яна адлюстроўвае ўсе бакі нашага жыцця. У ёй можна знайсці адказы на ўсе жыццёвыя пытанні. Ёй па плячу ўсе формы. Гэта даказвае і творчасць, напрыклад, Максіма Багдановіча, які выкарыстоўваў усе класічныя формы – санет, трыялет, ронда і інш. Гэта даказвае і сучасная паэзія. У Алеся Разанава ёсць такія формы вершаскладання як хоку, танку, версэты, а атксама аўтарскія жанры-наватары – квантэмы, вершаказы і інш.
– Шмат Вамі напісана вершаў?
– Нават не лічыла. Пісаць пачала яшчэ са школьнай лаўкі, аднак не выносіла свае вершы на публіку. Аднойчы прапанавала сваім вучаніцам, якія пісалі неблагія вершы, занесці іх у раённую газету. А яны паставілі ўмову: толькі разам з Вашымі. Так мае вершы і былі надрукаваны.
– Што Вас натхняе да вершасладання?
– Усё, што адбываецца навокал. Нават сонейка можа натхніць. Але часцей на радаснай ноце не пішыцца. Вершы з’яўляюцца тады, калі штосьці трывожыць, калі ёсць праблема, наконт якой хочаш выгаварыцца. Вершы – гэта проста мая аддушына, гэта магчымасць пагаварыць, выказаць сваю праблему. У кожным узросце свае каштоўнасці, свая тэма. І чым сталей становішся, тым больш асэнсоўваеш пройдзенае. Пачынаеш разумець, што самае каштоўнае – гэта жыццё.
– Што вы можаце сказаць пачаткоўцам, якія толькі робяць першыя крокі ў паэзіі?
– Зараз шмат дзяцей, якім цікавая паэзія, якія спрабуюць пісаць. Напрыклад, у нашай школе магу адзначыць Кацярыну Чарнякову, Крысціну Рагімаву. Хачу параіць ім і іншым не гнацца за формай і квяцістасцю радка, а з увагай ставіцца да кожнага слова ў вершы. Кожнае слова павінна несці сэнс. Вершы павінны быць зразумелымі і для падрыхтаванай, і не падрыхтаванай публікі. Нагадаю словы Максіма Багдановіча: «Трэба з сталі каваць, гартаваць гібкі верш, Абрабіць яго трэба з цярпеннем». Пішуць вершы многія, аднак паэтамі становяцца адзінкі.
– Дзякуй за гутарку!