Як выкарыстоўваць патэнцыял народнай педагогікі ў выхаванні дашкольнікаў, ведаюць у дзіцячым садзіку № 6 Шклова

Як выкарыстоўваць патэнцыял народнай педагогікі ў выхаванні дашкольнікаў, ведаюць у дзіцячым садзіку № 6 Шклова

У дзіцячым садзе № 6 Шклова ёсць свае традыцыі, якія робяць гэтае месца асаблівым для педагогаў, выхаванцаў і бацькоў. Менавіта тут увасабляецца шмат цікавых педагагічных задум па далучэнні дзяцей да нацыянальнай культуры. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Ужо з парога ўражвае каларытны фасад беларускай хаткі з дранкавым схілам страхі, акенцамі і прыступкамі, па-майстэрску ўпрыгожанымі разьбой па дрэве. Макет створаны рукамі народных умельцаў і нясе ў сабе адбітак мастацтва і нацыянальнай спадчыны. Гэта толькі частка прадметна-прасторавага асяроддзя ўстановы, у якой выхоўваюць маленькіх грамадзян і патрыётаў. Тут працуе творчы, этнаграфічна падкаваны калектыў, які беражліва захоўвае народныя веды, традыцыі і звычаі. Моўны этыкет продкаў таксама ва ўжытку. “Калі ласка, у нашу хату!” — запрашаюць дзеці і педагогі. Так пачынаецца экскурсія ў міні-музеі “Беларуская хатка”. Сваіх гасцей ён знаёміць з далёкім мінулым, калі прас награваўся ад распаленага вугалю, а маленькіх беларусаў гайдалі ў плеценай калысцы.

— Мы расказваем дзецям пра побыт і традыцыі нашых продкаў. Робім гэта цікава і пазнавальна праз візуалізацыю гісторыі роднага краю, — падкрэслівае загадчыца Іна Лісічык.

Скарбніца мінулага

Музей “Беларуская хатка” — сапраўдная скарбніца мінулага. Дзеці тут не толькі знаёмяцца з прадметамі побыту продкаў, але і вучацца імі карыстацца, даведваюцца аб іх прызначэнні, атрымліваюць практычныя навыкі і ўяўленні аб хатняй працы. Дзякуючы інтэрактыўнасці экспанатаў гульня ператвараецца ў рэальнасць, а старыя рэчы нібы ажываюць. Хлопчыкі знаходзяць, да чаго прыкласці рукі, уяўляючы сябе паўнаўладнымі гаспадарамі ў хаце. Дзяўчынкі завіхаюцца з вілкамі ля печы, перасоўваючы гліняны гарчшок “у жар”, альбо зай­маюць месцы за калаўротам, маслабойкай.

Варта адзначыць, што экскурсіі ў музеі право­дзяць самі дзеці. Падчас нашай сустрэчы яны не толькі пра старажытныя рэчы расказалі, але і шчыра ўразілі выкананнем беларускіх песень і танцаў. Свае артыстычныя здольнасці хлопчыкі і дзяўчынкі праявілі ў тэатралізаваным паказе “Хата баць­коў” пад кіраўніцтвам музычнага кіраўніка Святланы Удальёвай. Колькі ж фарбаў і эмоцый у гэтых танцах ад печкі! Па ўсім відаць, ва ўстанове бурліць насычанае і яскравае творчае жыццё.

Выхаванцы дзіцячага сада № 6 сталі пераможцамі раённага конкурсу юных паэтаў і празаікаў Шклоўшчыны “Мой родны кут”, ІІ гарадскога конкурсу мастацтваў “Круче всех” (Магілёў), раённага фестывалю “Нашчадкі Перамогі”.

Педагогі зыходзяць з мясцовых традыцый, густаў і звычаяў, паказваюць усё лепшае, што напрацавана папярэднімі пакаленнямі. На занятках “Дзіця і грамадства” педагога Хрысціны Сямёнавай хлопчыкі і дзяўчынкі змаглі дакрануцца да таямнічых пасланняў продкаў — растлумачыць арнамент на адным з ручнікоў.

— Патрыятычныя пачуцці мы прывіваем нашым дзецям паступова, — адзначае Іна Фёдараўна. — З малодшага ўзросту выхоўваем у дзяцей любоў да сваёй сям’і, родных, блізкіх, з сярэдняга ўзросту — да роднага горада, вуліцы. А старэйшых да­школьнікаў знаёмім з дзяржаўнымі і прыроднымі сімваламі Беларусі.

Метадыст аддзела па адукацыі Шклоўскага райвыканкама Вікторыя Жакун дадала, што ў раё­не прыжылася добрая традыцыя харавымі спевамі ўслаўляць родную краіну. Кожны панядзелак у 9 раніцы выхаванцы старшых і сярэдніх груп усіх дашкольных устаноў раёна разам з дарослымі спява­юць Дзяржаўны гімн Рэспублікі Беларусь.

— Асабістым прыкладам паказваем дзецям, якімі каштоўнас­цямі мы жывём. І адчуваем сябе тымі, хто мы ёсць, — мірнымі людзьмі, грамадзянамі, шчырымі пат­рыётамі роднай зямлі, — падкрэслівае Вікторыя Анатольеўна.

Спецыяліст звярнула ўвагу на выхаваўчы патэнцыял народнай педагогікі:

— Каб зберагчы нашу спадчыну, трэба падтрымлiваць цесную сувязь пакаленняў, шанаваць сямейныя традыцыі i памятаць свае каранi. Вядома ж, мы не можам вярнуцца да мінулага ўкладу жыцця, ды і мэты такой няма, але можам выхоўваць сучасных дзяцей народнай мудрасцю. Ім неабходна ведаць гісторыю побыту і традыцыі продкаў, у якіх фарміравалася перакананне, што толькі працай і стараннем можна дасягнуць поспеху ў любой справе.

Ва ўстанове ўдзяля­юць вялікую ўвагу далучэнню баць­коў да музейнай работы. Дзеці, іх таты і мамы, бабулі і дзядулі разам ствараюць тэматычныя вырабы, ладзяць святы, гульні. Такім чынам бацькі паступова становяцца ўдзельнікамі музейных спраў, а потым і ініцыятарамі. Супрацоўніц­тва ў гэтым кірунку пастаянна пашыраецца. Установа цесна ўзаема­дзейнічае з цэнтралізаванай бібліятэчнай сеткай раёна, дзіцячай школай мастацтваў, раённым гісторыка-края­знаўчым музеем, народнымі майстрамі.

Дзіцячы сад № 6 Шклова наведваюць 65 дзяцей рознага ўзросту. Адукацыйны працэс ажыццяўляюць 6 выхавальнікаў, кіраўнік па фізічным выхаванні, музычны кіраўнік, настаўнік-дэфектолаг.

Традыцыі і навацыі

— Практыкаарыентава­насць — тое, да чаго мы імкнёмся ў выхаваўчай рабоце і што нам можа даць народная педагогіка, — падкрэс­лівае намеснік загадчыка па асноўнай дзейнасці Наталля Башарымава і адзначае вялікі выхаваўчы патэнцыял сустрэч з народнымі ўмельцамі.

У гэтым мы ўпэўніліся на занятках выхаванцаў сярэдняй групы з таленавітым земляком, членам Беларускага саюза майстроў народнай творчасці, рамеснікам Віктарам Давідовічам. Ён ужо больш за 30 гадоў працягвае традыцыі лозапляцення: вырабляе вазы, талеркі, кошыкі, шкатулкі, дроўніцы, абажуры, прадметы мэблі, сярод якіх сталы, крэслы і дзіцячыя калыскі. Выхаванцы даведаліся ад майстра, што ў яго рабоце ўсё пачынаецца з нарыхтоўкі лазы. Яны ўважліва глядзелі, як Віктар Мікалаевіч адбірае кожны дубец. Майстар даходліва тлумачыў, як ён ацэньвае якасць і форму лазін. Дзеці нават спрабавалі выб­раць лепшыя пруцікі. Уважліва слухалі, што зага­дзя трэба зра­біць, каб лазіны набылі патрэбную гнуткасць і трываласць. Малышы былі ў захапленні і задавалі шмат пытанняў майстру.

 Наталля Башарымава

Асобнай увагі заслугоўваюць аўтарскія метадычныя і дыдактычныя распрацоўкі выхавальніцы Ганны Гільковай. Пазнавальныя сямейныя экскурсіі, займальныя квест-букі з цікавымі фактамі, інтэрактыўнымі заданнямі ў спалучэнні з ведамі пра мінулае і сучаснасць нашай краіны, кубік Блума з серыяй пытанняў аб дзяржаўнай сімволіцы створаны на аснове сучасных інфармацыйных тэхналогій.

Дарэчы, назапашванню значнага выхаваўчага рэсурсу паспрыяў паспяхова рэалізаваны ва ўстанове інавацыйны праект “Укараненне сеткавай мадэлі фарміравання грама­дзянска-патрыятычнай пазіцыі навучэнцаў: рэгіянальная мадэль”. Як адзначыла Вікторыя Жакун, у дзіцячага сада № 6 Шклова ёсць перспектыва стаць раённым рэсурсным цэнтрам па грамадзянска-патрыятычным выхаванні.

На маю думку, перспектыва цалкам рэальная і вельмі неабходная педагагічнай супольнасці раёна. Сапраўды, рэалізаваць вынікі сваёй дзейнасці не менш важна, чым атрымаць іх.

Последние новости

Здоровье

Какие продукты укрепят иммунитет осенью, рассказал врач

18 октября 2026
Читать новость
Экономика

Налоги–2027: что изменится в Беларуси

18 октября 2026
Читать новость
Общество

Проблема сбора мусора на Шоссейной и Энтузиастов: кто должен следить за чистотой?

18 октября 2026
Читать новость
Общество

Прогноз погоды и народные приметы: в Белгидромете рассказали об особенностях бабьего лета

18 октября 2026
Читать новость
101 информирует

Лицей МЧС приглашает шкловчан на День открытых дверей

18 октября 2026
Читать новость
Здоровье

Риски отита: белорусам рассказали, чем опасна чистка ушей ватными палочками

17 октября 2026
Читать новость

Рекомендуем