Яніна Мішына атрымала Дыплом 2-й ступені на рэспубліканскай алімпіядзе па беларускай мове
Яніна – цудоўнае беларускае імя, якое можна сустрэць у многіх народных казках і песнях. І сімвалічна, что дзяўчына з такім іменем – Яніна Мішына, вучаніца Забродскай СШ – ужо не першы год дэманструе выдатнае веданне роднай мовы, перамагаючы і займаючы прызавыя месцы ў вучэбных алімпіядах. Так, на нядаўна прайшоўшым заключным туры рэспубліканскай алімпіяды па беларускай мове Яніна атрымала Дыплом 2-й ступені. Гэта той выпадак, калі мы кажам 2-е месца, а ў розуме трымаем 1-е, бо да яго дзяўчыне не хапіла ўсяго толькі аднаго бала.
Рэспубліканскай алімпіядзе папярэднічала перамога ў абласной і, вядома ж, доўгія і ўпартыя заняткі – не толькі з настаўніцай Забродскай школы Галінай Мікалаеўнай Барсуковай, але і на абласных зборах. Вывучаныя правілы спатрэбіліся пры выкананні комплексных заданняў па мове і літаратуры, для якіх трэба было добра ведаць фразеалогію, арфаграфію, сінтаксіс, стылістыку і г.д. А вось для водгуку на літаратурны твор і для вуснага выказвання спатрэбіліся эрудыцыя, уменне разважаць, аратарскае майстэрства. 
Алімпіяда па беларускай мове праходзіла ў Мінску і запомнілася Мішынай не толькі складанымі і адначасова цікавымі заданнямі. “У нас была вельмі насычаная культурная праграма, мы пабылі ў музеі Вялікай Айчыннай вайны, у музеі Янкі Купалы, у тэатры Янкі Купалы. Таксама для нас праводзілі экскурсію па сталіцы, – расказвае дзяўчына. – Акрамя таго, у нас была згуртаваная каманда, я знайшла новых сяброў”.
Дыплом 2-й ступені дае магчымасць Яніне Мішынай паступаць на педагагічныя спецыяльнасці без экзаменаў. Аднак калі яна зробіць выбар на карысць ВНУ непедагагічнага профіля, то і тут у яе будзе перавага –  у яе ўжо ёсць 100 балаў па тэсціраванню па беларускай мове, атрыманыя за перамогу ў абласной алімпіядзе.
“Алімпіяда – гэта свята ведаў, – падзялілася ўражаннямі настаўніца Галіна Барсукова. – І вельмі прыемна, што каманда Магілёўскай вобласці прывезла са сталіцы 11 дыпломаў і 1 пахвальны ліст, пакінуўшы за сабой каманды іншых абласцей і Мінска. Вядома, для мяне як для настаўніка гэта вялікая перамога – падрыхтаваць алімпіядніка такога высокага ўзроўню, як Яніна. За той час, што я працую ў школе, у мяне было некалькі алімпіядніц, якія займалі прызавыя месцы на вобласці, а вось на рэспубліканскім узроўні Яна першая. Хочацца сказаць дзякуй за падтрымку адміністрацыі школы, бацькам, якія выхавалі такую разумную і таленавітую дзяўчыну, выкладчыку МДУ імя Куляшова Дзмітрыю Доўгалю, які рыхтаваў каманду да напісання водгука і да вуснага выказвання”.
Павіншуем Яніну з чарговым дасягненнем і пажадаем ёй далейшых поспехаў!
Вольга ДАНІЛАВА.
Фота Аляксандра РЫБАКОВА.
 
 