Яніна Мішына стала пераможцай абласной алімпіяды па беларускай мове
І зноў на старонках раённай газеты мы пішам аб таленавітай моладзі нашага раёна. І ўжо не першы раз вядзём размову аб тых яе прадстаўніках, якія паспяхова выступілі на абласным этапе рэспубліканскай алімпіяды. Сярод іх, як і ў мінулым годзе, Яніна Мішына, сёлетняя выпускніца Забродскай сярэдняй школы нашага раёна, якая на абласной алімпіядзе па беларускай мове і літаратуры заняла ганаровае 1-е месца і дзякуючы гэтаму атрымала жаданыя 100 балаў па адпаведнаму прадмету для паступлення ў вышэйшую навучальную ўстанову, а таксама права ўдзельнічаць у рэспубліканскай алімпіядзе, якая пройдзе ў сакавіку бягучага года ў Мінску.
Трэба адзначыць, што асэнсаваная цяга да паглыбленага вывучэння беларускай мовы і літаратуры ў Яніны ўзнікла яшчэ ў пятым класе, калі дадзеныя прадметы пачала выкладаць вопытная настаўніца Галіна Мікалаеўна Барсукова. Яна разглядзела ў дзяўчынцы пэўную схільнасць да філалагічных дысцыплін, пачала з ёй дадаткова займацца, рыхтаваць да ўдзелу ў раённых, абласных і нават рэспубліканскіх прадметных алімпіядах. І як бачна, гэта прынесла пэўны плён.
“Яніна Мішына – таленавітая, працаздольная і вельмі начытаная вучаніца, – кажа Галіна Мікалаеўна. – Яна мае трывалую вучэбную базу, таму з лёгкасцю можа звязаць літаратуру з іншымі школьнымі прадметамі, напрыклад, гісторыяй. З ёй цікава размаўляць, бо Яніна разважае як ужо дарослы чалавек, які любіць беларускую мову, з інтарэсам адкрывае яе таямніцы”.
А ведае пра родную мову, беларускіх аўтараў і іх творы яна шмат і працягвае знаходзіць у школьнай бібліятэцы, інтэрнэце яшчэ многа чаго цікавага і невядомага для яе. Кожны дзень удзяляе пэўную колькасць часу вучаніца на чытанне літаратурных твораў, дарэчы, самым любімым з іх з’яўляецца гістарычная аповесць “Дзікае паляванне караля Стаха” Уладзіміра Караткевіча, а таксама пастаянна паўтарае пытанні, якія датычацца мовы.
Дзякуючы ўпартасці, высокай канцэнтрацыі ўвагі і вялікаму жаданню перамагчы на абласных прадметных спаборніцтвах, Яніна Мішына сапраўды заслужыла ганаровае званне беларускамоўнага лідара Магілёўскай вобласці, з лёгкасцю справіўшыся з шэрагам лінгвістычных і літаратурных заданняў, сярод якіх былі, напрыклад, вызначыць стыль і жанр пэўнага тэксту ці твора, напісаць водгук, зрабіць вуснае выказванне і іншыя.
Варта дадаць, што выпускніцу цікавіць не толькі вучоба: яна вельмі любіць спяваць, вось такая сапраўдная эстрадная зорачка Яніна Мішына.
Яна добра размаўляе не толькі на беларускай мове, у яе яшчэ выклікае цікавасць і замежная англійская мова. Таму для сябе дзяўчына і выбрала жыццёвы накірунак стаць перакладчыкам. Спадзяёмся, што мары і надзеі Яніны Мішынай абавязкова спраўдзяцца.
Алена РАВЯКА.
Фота Аляксандра РЫБАКОВА.