Цэлы тыдзень родная мова гучала ў сценах сярэдняй школы №1

21 лютага ў свеце адзначаецца Міжнародны дзень роднай мовы. Ён быў абвешчаны UNESCO 17 лістапада 1999 года. Дзень роднай мовы асаблівы для кожнай нацыі, кожнага народа, бо няма народа без мовы, няма мовы без яго носьбіта.
Тыдні беларускай мовы і літаратуры ў нашай школе заўсёды з’яўляюцца яркай і запамінальнай падзеяй. Не стаў выключэннем і гэты, які прайшоў з 17 па 23 лютага 2022 года. Агульны цёплы, душэўны настрой надаў усяму Тыдню першы дзень, які прайшоў пад дэвізам: “Рускай мове дай разгрузку – размаўляй па-беларуску”. Акцыя аб’яднала ўсю школу: настаўнікі ўсіх прадметаў у гэты дзень праводзілі ўрокі на беларускай мове. Святочная лінейка, прысвечаная Тыдню роднай мовы яшчэ раз нагадала значнасць і ролю беларускай мовы для кожнага беларуса. На пачатку тыдня былі праведзены інфармацыйныя гадзіны “Дала мне маці гэту мову”. У бібліятэцы была наладжана выстава твораў беларускіх паэтаў і пісьменнікаў “Чытаем па-беларуску” і выстава “Пісьменнікі-юбіляры 2022”. Інфармацыйная прастора школы таксама адпавядала святу. Вучні 8 класаў прынялі ўдзел у віктарыне “Беларус, роднай мовы сваёй не цурайся!”. Вучні 6 класа падрыхтавалі літаратурна-музычную кампазіцыю “Жывое ў вяках беларускае слова!”. Школьнікі з вялікім задавальненнем чыталі вершы на роднай мове, спявалі беларускія народныя песні. Пяцікласнікі з лёгкасцю адказалі на пытанні віктарыны “Аматарыроднага слова”. Вучні 10-11 класаў прымалі ўдзел у “Свяце фразеалагізмаў, прыказак і прымавак”. Пазнавальны інтарэс у вучняў выклікала пазакласнае мерапрыемства, прысвечанае 140-годдзю з дня нараджэння Янкі Купалы і Якуба Коласа “Славутыя сыны Беларусі: Якуб Колас і Янка Купала”.Моўная дыктоўка стала яшчэ адной акцыяй, якая аб’яднала вучняў усёй школы, дала магчымасць прыняць непасрэдны ўдзел у Тыдні роднай мовы. Актыўна, весела і пазнавальна вучні выконвалі заданні ў намінацыях “Прыгажосць роднай мовы” і “Смак роднай мовы”, якія грунтаваліся на перакладзе слоў з рускай мовы на беларускую. У выніку атрымалі не толькі веды, але і ўзбагацілі свой слоўнікавы запас. Цікава і непаўторна прайшлі ўсе мерапрыемствы Тыдня роднай мовы. Вучні і настаўнікі акунуліся ў беларускамоўнае інфармацыйнае мора, якое пакінула ў кожнага незабыўныя ўражанні і паказала, што родная мова – жывая мова!
А ў апошні дзнь тыдня па-беларуску дзеці віншавалі абаронцаў Айчыны!
Смак роднай мовы не павінен забывацца на наступны дзень. Калі ты нарадзіўся беларусам, калі ты жывеш на зямлі Беларусі, нельга не шанаваць родную мову, менавіта яна злучае людзей у адзін народ – такая галоўная тэма мерапрыемстваў, прысвечаных Міжнароднаму дню роднай мовы.
Міжнародны дзень роднай мовы – гэта яшчэ адна нагода, каб кожнаму беларусу задумацца аб лёсе нашай мовы, аб той бясцэннай спадчыне, што засталася нам ад прадзедаў, аб тым багацці, якім мы, беларусы, павінны валодаць ужо толькі таму, што нарадзіліся і жывём на Беларусі.
Крысціна КАВАЛЁВА, настаўнік беларускай мовы і літаратуры сярэдняй школы №1 г.Шклова.