Дзень роднай мовы святкуецца ў Гавядах на агульнашкольным узроўні

Сёння ў свеце налічваецца больш за шэсць тысяч моў. Палова з іх знаходзіцца пад пагрозай знікнення. Менавіта дзеля іх захавання, садзейнічання прызнанню і выкарыстанню ў 1999 годзе па рашэнню ЮНЕСКА быў абвешчаны Міжнародны дзень роднай мовы, які адзначаецца 21 лютага.
Традыцыйна гэты дзень святкуецца на агульнашкольным узроўні ў Гавядскай школе. Не стаў выключэннем і бягучы год.
Навучэнцамі 9-11 класаў была прароблена папярэдняя падрыхтоўка, у выніку якой было праведзена апытванне “Мае любімыя словы на беларускай мове”, гульня-тэст “Ці добра вы ведаеце беларускія стравы?”, апытванне “Ці ведаем мы беларускія казкі?”. З задавальненнем прымалі ўдзел у дадзеных мерапрыемствах як школьнікі, так і педагогі, і супрацоўнікі школы.
Дзень пачаўся з лінейкі, на якой настаўнік беларускай мовы Лянчэўская А.В. пазнаёміла навучэнцаў з планам мерапрыемстваў, прапанавала ўвесь гэты дзень размаўляць па-беларуску. Акрамя таго, былі арганізаваны выставы “Беларускія пісьменнікі-юбіляры”, “Зорны россып творчасці”.
Яркім заканчэннем дня стала гульня-конкурс “Пагуляем у роднае слова”, на якім, як удзельнікі, так і гледачы прадэманстравалі свае веды па беларускай мове, з цікаўнасцю прагледзелі відэаролікі, зробленыя па апытванням.
Беларускі танец “Мітусь” у выкананні кіраўніка гуртка “Вясна” Лазюк Карыны суправаджаўся шчырымі апладысментамі.
Актыўны ўдзел у падрыхтоўцы і правядзенні свята роднай мовы прынялі вучні: Курпакова Вікторыя, Інучэнка Вікторыя, Высоцкая Наталля, Лянчэўская Марыя, Жукава Дар’я, Глускі Анатоль і інш.
Дзень закончыўся, але хочацца адзначыць, што мова будзе жыць, пакуль ёй цікавяцца і на ёй гавораць. На ўспамін прыходзяць словы Змітрака Бядулі: “Не саромся, беларус, гаманіць па-свойму – на роднай мове бацькоў і дзядоў сваіх…”.
Ірына Кісялькова, намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце