«Масленіца, масленіца – бліном паласавіцца». Народнае свята прайшло ў Ардацкім ВПК д/с- БШ

Свята Масленіцы ў народным календары займае асобнае месца. На працягу стагоддзяў славяне адзначаюць свята на памежжы зімы і вясны. Нашы продкі ўспрымалі яго як пачатак новага жыцця і ўшаноўвалі сонца, што абуджае ўсё жывое. Масленіца – традыцыйнае свята нашага народа, неад’емная частка яго культуры.
Тыдзень з 8 па 14 сакавіка быў адзначаны сустрэчай і провадамі Масленіцы, непаўторнага і радаснага свята падрыхтоўкі да Вялікага паста. Не засталася ў баку і наша ўстанова адукацыі – Ардацкі ВПК дзіцячы сад – базавая школа. Сёлета прысутнасць матухны Зімы ў нашай мясцовасці была сапраўды прыкметнай: працяглы час гаспадарылі маразы, не давалі сумаваць моцныя снегапады, але ўжо напрыканцы лютага з выраю вярнуліся гракі, шпакі, сонейка прыгравала па-веснавому.
Суботняй раніцай у двары школы сабраліся дзеці, настаўнікі і бацькі, каб праводзіць зіму і сустрэць вясну. А па традыцыі прабачальнай нядзелі, калі людзі просяць адзін у аднаго прабачэння за крыўды, дзеці падыходзілі адзін да аднаго, а таксама да бацькоў і настаўнікаў і прасілі прабачэння за ўсе свае дрэнныя ўчынкі і памылкі.
Для Масленіцы самае галоўнае – бліны, якія сімвалізуюць прыход сонейка і цяпла. З самага ранку ў суботу паветра брыяла водарам свежаспечаных бліноў. Усе ўдзельнікі свята ласаваліся імі з разнастайнымі начынкамі, якія бацькі гатавалі тут жа, на школьным двары. Смажылі бліны на дровах і прапаноўвалі іх гасцям з мёдам, сметанковым маслам, варэннем і духмяным чаем на лекавых травах і раслінах.
Не абышлося, безумоўна, без вясёлых карагодаў, песень, гульняў, перацягвання каната. Шмат смеху выклікаў конкурс на найбольш спрытнага едака бліноў. А каб тыя бліны не абцяжарылі жываты, можна было размяцца з гірай, мячом ці пакідаць дроцікі, паўдзельнічаць у захапляльных гумарыстычных іспытах. Так, напрыклад, дзяўчаткі добра павесялілі публіку ў конкурсе прыпевак. Ногі самі прасіліся ў скокі. Не змаўкаючы, ліліся песні ў выкананні вучняў нашай школы.
А тым часам у аддаленым куточку школьнага стадыёна чакала пудзіла Зімы, спальванне якога – адзін з галоўных абрадаў свята. І хаця знешне апранутае ў сялянскае адзенне яно выглядала даволі прывабліва, кожны разумеў, што спаліць неабходна. Бо яно сімвалізуе нешта цёмнае, нядобрае. Па меры таго, як полымя з’ядае і самое пудзіла, і салому, і стары штыкетнік, з якіх змайстравана вогнішча, зямля абуджаецца пасля зімовага сну і гатуецца да новай вясны, да новага жыцця. Разам з агнём і дымам паляцелі прэч усе беды, крыўды, хваробы і няшчасці.Узяўшыся за рукі, у вясёлым карагодзе правялі ўдзельнікі масленічнага гуляння зіму і адкрылі свае сэрцы вясне…
Свята прайшло ў атмасферы радасці, святочнасці, вучні мелі магчымасць далучыцца да вытокаў мінулага, векапомных традыцый свайго народа.
Ірына ЧАРНЯЎСКАЯ,
настаўнік беларускай мовы і літаратуры ДУА «Ардацкі ВПК дз/с – БШ»