Восеньскія вячоркі ў вёсках Шклоўшчыны

Восеньскія вечары на Піліпаўку — гэта даўні звычай маладзёжных і жаночых сходак, які пачынаўся разам з Піліпаўскім постам і доўжыўся да самых Каляд. Дзякуючы руплівай працы краязнаўцы з вёскі Загор’е Юрыя Бабака, мы маем магчымасць дакрануцца да жывых успамінаў мясцовых жыхароў Шклоўшчыны пра гэтыя ўнікальныя традыцыі.
У гэты час заканчвалася праца ў полі, і цёмнымі восеньска-зімовымі вечарамі вяскоўцы пераносілі сваё жыццё і працу ў хаты. Дзяўчаты і жанчыны збіраліся па чарзе ў розных хатах. Часам ішлі да адзінокіх вяскоўцаў або ўдоў, аддзячваючы ім за гасціннасць прадуктамі ці дровамі. Доўгія і цёмныя вечары ў народзе яшчэ называлі «крывымі».
«Жаніцьба коміна» і зімовыя клопаты

Як расказвае Юрый Бабак, перад пачаткам такіх вечароў абавязкова праводзіўся старажытны абрад «жаніцьба коміна» — запальванне першай лучыны. Людзі дзякавалі Богу за добры ўраджай, бо да гэтага часу ўсё збожжа ўжо было сабрана і засыпана ў скрыні, свірны ды гумны.

Для працы зімой патрабавалася святло і цяпло. Усе — ад малых да старых — былі пры справе:
- Жанчыны і дзяўчаты: пралі кудзелю, ткалі, вышывалі, вязалі. Дзяўчаты старанна рыхтавалі пасаг: шылі і ткалі вопратку. Старыя жанчыны вучылі моладзь працавітасці і майстэрству.
- Мужчыны і хлопцы: займаліся рамёствамі — плялі з лазы, лыка і скуры кашы ды лапці, рамантавалі конскую збрую.
- Майстры: займаліся ганчарствам, каталі з воску свечкі.
- Дзеці: рабілі традыцыйных саламяных «павукоў».

На такія пасядзелкі збіралася па 15 чалавек і больш, часта прыходзіла моладзь нават з суседніх вёсак. Для хлопцаў гэта была найлепшая магчымасць прыгледзець сабе нявесту.
Піліпаўскія прыкметы: чаму не спраўлялі вяселляў
У Піліпаўку (да самых Каляд і Масленіцы) вяселляў не спраўлялі. У народзе жартавалі: «На Піліпаўку толькі ваўкі вяселле спраўляюць». І сапраўды, у гэты час у лесе ваўкі збіраліся ў зграі і вылі, таму людзі лішні раз без патрэбы ў лес не хадзілі.

Бліжэйшыя вяселлі пачыналі спраўляць толькі ў зімовы мясаед. Таму дзяўчаты часам сумна спявалі:
«Была восень — цяпер зіма, былі хлопцы — цяпер няма…»
У народзе пра гэты час казалі:
- «На Піліпа сам Бог дзяцей абувае і адзявае».
- «На Піліпа гола ў полі, а ў хаце сыта».
- «Прыйшоў Піліп — да печы прыліп».
- «У Піліпаўку дзень да абеду: што спрадзеш, тое ў Вялікі пост сатчэш».

Песні нашай спадчыны
Праца абавязкова суправаджалася песнямі: спявалі духоўныя вершы, псалмы, лірычныя і працяжныя песні. Жартавалі, распавядалі казкі і байкі.
«Адну з такіх песень я асабіста запісаў з слоў жыхаркі нашай вёскі Загор’е, Савельевай Аксінні Яўсееўны (1926-2008 гг.)», — дзеліцца ўспамінамі краязнаўца Юрый Бабак:

Ой, праду, праду, спаценькі хачу,
Ой, скланю я галованьку на белю пасцелюшку.
Можа, я засну, а свякруха ідзе,
Як змяя гудзе:
— Санлівая-драмлівая,
да работы лянівая нявестка мая!Ой, праду, праду, спаценькі хачу,
Ой, скланю я галованьку на белую пасцелюшку.
Можа, я засну, а свёкар ідзе,
Як вецер гудзе:
— Санлівая-драмлівая,
да работы лянівая нявестка мая!Ой, праду, праду, спаценькі хачу,
Ой, скланю я галованьку на белую пасцелюшку.
Можа, я і засну, а мой мілы ідзе,
Як голуб гудзе:
— Ой, спі, мілая, харошая мая,
пайшла замуж малада — не выспалася…
Піліпаўскія пачастункі
Хоць час быў посны, але стол на вячорках быў багаты і смачны. Гаспадары частавалі цукеркамі, пернікамі, арэхамі, сушанымі яблыкамі і грушамі, гарбузовым насеннем.
Гатавалі грыбную поліўку, даставалі мочаныя яблыкі, квашаную капусту, гуркі. На стале стаяла адвараная бульба з тоўчаным канапляным алеем, а з печы даставалі духмяную бульбяную бабку з насеннем лёну.
А ўжо на святы Варвары і Міколы рабілі клёцкі з грыбамі, варэнікі з капустай, даставалі з бочак салёную рыбу, запякалі гарбузы. Варылі кісель з аўса ды кулагу з каліны.
🍲 Аўтэнтычныя рэцэпты Шклоўшчыны
Аўсяны кісель
- Аўсянка або аўсяная мука — 250 г.
- Цёплая вада — 1 л.
- Закваска (кефір) — 1-2 арт. л.
- Маленькі кавалачак жытняга хлеба.
- Дробка солі. Мёд — па жаданні. (Заліць, даць настаяцца і скіснуць, працэдзіць і зварыць да загусцення).
Кулага з каліны
- Ягады каліны — 80-100 г.
- Жытняя мука — 2 арт. л.
- Жытняя закваска — 1 арт. л.
- Вада — 200-250 мл.
- Мёд або цукар па смаку.
Піліпаўскі пернік
- Мёд — 1 л.
- Вада — 200 мл.
- Сметанковае масла — 200 г.
- «Духі» (сумесь рэзкіх затавак: карыца, гваздзіка і інш.) — 50 г.
- Сода — 2 ч. л.
- Яйкі — 3 шт.
- Жытняя мука — 500 г (для заварвання) + 500 г (для замесу).
- Пшанічная мука — 1,5 кг.
Прыгатаванне: Зварыць сіроп з мёду, вады і масла. Дадаць затаўкі і 500 г жытняй мукі з содай. У астылае цеста дадаць яйкі, добра вымешаць. Паступова ўвесці астатнюю жытнюю і пшанічную муку. Вымешаць і добра «выбіць» цеста. Пры дапамозе спецыяльных пернікавых дошак сфармаваць пернікі. Выпякаць у духоўцы пры 180-200°C каля 10-15 хвілін.


Сакрэты майстэрства: як нараджалася палатно

У Піліпаўку, перад Калядамі, пралі, маталі, бялілі, снавалі. Ніткі абавязкова перавязвалі на катушкі, каб пража абвісла. Потым здымалі і накладалі на варыціла (навой).


Снавалі «пасьмы», звязвалі іх у «губкі». Кожную губачку перавязвалі вузельчыкам — так майстрыха дакладна ведала, колькі яна ўжо выткала палатна. А каб тканіна атрымлівалася шчыльнай і якаснай, прыгаворвалі:
На ўток — паўток,
Дзе багата дзевак!
Каб плотна было, і дабротна было,
І сядзь-прысядзь, каб плотна было палатно.Фота прадастаўлена Юрыем Бабаком